У нядзелю 15 верасня ў Гданьску адбыўся другі каталіцкі фэст беларусаў Памор’я. Сёлетняе свята сабрало вялікую колькасць удзельнікаў – каля 90 чалавек, сярод якіх прысутнічалі таксама палякі, і распачалося ўрачыстай Святой Імшой у касцёле св. Юзафа.
На пачатку Літургіі, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гданьскай архідыяцэзіі Пётр Пшыборэк, адбыўся абрад асвячэння іконы Маці Божай Браслаўскай, апякункі душпастырства. Асаблівасцю іконы з’яўляецца тое, што яна была напісаная паводле свайго аўтэнтычнага выгляду без накладзенных шатаў. Ікону для супольнасці напісала Эва Белецка OV, а сёстры-эўхарысткі падзяліліся здымкамі іконы, зробленнымі падчас яе апошняй рэстаўрацыі.
У казанні да прысутных звярнуўся грэка-каталіцкі святар Аляксандр Шаўцоў. Ён разважаў аб тым, як Маці Божая дзейнічае ў жыцці кожнага чалавека, і падзяліўся прыкладамі з уласнага жыцця.
На Літургіі, якую сваім спевам упрыгожваў мясцовы хор, прысутнічалі таксама душпастыр беларусаў Гданьска кс. Пётр Врубель, кс. Анджэй Бульчак, які разам з ксяндзом Пятром праз пэўны момант служыў беларусам, і айцец Кшыштаф Чапірскі ОМІ, супрыёр кляштару аблатаў і рэктар касцёла св. Юзафа. Ён упершыню узяў удзел у малітве з беларусамі, таму супольнасць падзякавала яму за дапамогу і падтрымку цягам трох гадоў.
На заканчэнне Святой Імшы ўсе разам памаліліся малітвай да Маці Божай Браслаўскай, а жадаючыя маглі застацца і ў цішыні занесці свае просьбы да Валадаркі Азёраў.
Другая частка святкавання адбылася ў парафіяльнай залі. Там адбыўся конкурс на лепшы пірог, да якога ўсе ўдзельнікі падышлі з асаблівай адказнасцю, і пачастунак для гасцей свята. Беларусы павіншавалі кс. Пятра з днём нараджэння і падзякавалі за яго служэнне цягам апошніх трох гадоў.
Упрыгожыць свята захацелі таксама дзеці і моладзь супольнасці. Яны падрыхтавалі лялечны тэатр “Гісторыя Браслаўскага абраза Маці Божай”. У спектаклі паказалі ўсю гісторыю: як з’явілася ікона, яе ўкаранаванне і як яе шанаюць сёння. А пасля былі беларускія нацыянальныя спевы і танцы, падрыхтаваныя капэлай Трыградзкай.
Як адзначае Павел, адзін з арганізатараў фэста, нечаканая была такая вялікая колькасць удзельнікаў, але ад гэтага вельмі радасна! Фэст быў вясёлы, духоўны па зместу і вельмі цёплы па атмасферы.
Фота: Анастасія Галезнік і Сцяпан Богдан