Публікуем словы падзякі, скіраваныя да нас арганізатарам ІІ З’езду беларусаў-каталікоў замежжа кс. Юрыем Рашатко:
“Сябры! Ад імя Рады супольнасці беларусаў-каталікоў Кракава прагну падзякаваць кожнаму з Вас за падрыхтоўку і ўдзел у Другім з’ездзе беларусаў-каталікоў Польшчы і замежжа з 24 па 26.05.2024!
Дзякую шматлікім нашым ахвярадаўцам і дабрачынцам:
-
- усім супольнасцям беларусаў-каталікоў Польшчы за ініцыятыву і арганізацыю,
- усім тым, хто сваімі ахвяраваннямі фінансава спрычыніўся да нашага З’езду,
- біскупу Алегу Буткевічу — за салідарнасць з намі і благаслаўленне,
- святарам, якія рыхтавалі свае супольнасці да гэтага З’езду, а асабліва тым, хто асабіста прыехаў у Кракаў, каб мы разам “былі адно”: кс. Вячаславу Барку, кс. Яўгенію Вінтову, айцу грэка-каталіку Андрэю Буйнічу, і тым, хто духоўна лучыўся з намі ў гэтыя дні,
- усім тым, хто прыняў у свае дамы нашых пілігрымаў і тым, хто паклапаціўся аб хостэле для іх,
- парафіі Святога Стэфана ў Кракаве разам з ксяндзом пробашчам Leszkiem Garstka, а таксама Таварыству Езуса і настаяцелям Базілікі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Кракаве (асабліва брату Бахціяру Алімаву SJ), за прадстаўленыя месцы малітвы і сустрэч,
- адміністрацыі саляной шахты ў Вялічцы за тое, што пайшлі нам на сустрэчу ў нашай просьбе, а таксама нашым цудоўным экскурсаводам,
- хору і арганісткам за цудоўнае музычнае суправаджэнне,
- братам і сястры ў Хрысце, якія падрыхтавалі даклады па Інструкцыі “Любоў Хрыста да мігрантаў”,
- тым, хто клапаціўся, каб мы мелі пасілкі,
- нашым фатографам і тым, хто дбае пра нашую прысутнасць у медыяпрасторы,
- тым, хто апекаваўся наймалодшымі ўдзельнікамі З’езду,
- і ўсім астатнім, значэнне ўкладу якіх і нашая падзяка ніколькі не меншыя
- Дзякуем таксама пілігрымам з парафіі Св. Тройцы ў Мінску за супольную малітву з намі на Св. Імшы.
- і нарэшце, асаблівыя словы ўдзячнасці хочацца выказаць спадару Арцёму Ткачуку за ініцыятывы, арганізацыю і клопат пра наш З’езд!
Без Вас, паважаныя браты і сёстры, усё гэта было б немагчымым! З Божай дапамогай і на славу Найсвяцейшай Тройцы, нам атрымалася рэалізаваць план гэтага З’езду, дзе мы, “у еднасці з усім Касцёлам” маліліся на роднай беларускай мове, пазнавалі вучэнне Настаўніцкага Інстытуту Касцёла адносна мігрантаў, абмяркоўвалі агульныя для нас знакі часу, праблемы і спосабы іх вырашэння, пазнавалі мясцовую культуру і аб’ект сусветнай спадчыны ЮНЕСКА — Саляную шахту ў Вялічцы з неверагоднымі капліцамі ў ёй, і, канешне, знаёміліся паміж сабой. Нашыя эмоцыі былі пазітыўна падпітаны супольнай малітвай на з братамі і сёстрамі з парафіі Св. Тройцы ў Мінску, якія вярталіся са сваёй пілігрымкі з Венгрыі і завіталі да нас. Удзельнікі нашага З’езду аднадушна сведчылі, што адназначна варта рабіць такія сустрэчы, паколькі яны дапамагаюць нам пераадольваць цяжкасці, звязаныя з жыццём ва ўмовах эміграцыі і адарванасці ад нашай агульнай Маці, Беларусі. Маем надзею, што падобныя акцыі і надалей будуць служыць інтэграцыі беларусаў-каталікоў Польшчы і замежжа дзеля большай хвалы Божай!”
Ксёндз Юрый Рашатко