15 сакавіка ў супольнасці беларусаў каталікоў Кракава трое дарослых кандыдатаў прынялі сакрамэнт канфірмацыі з рук дапаможнага біскупа Кракаўскай архідыяцэзіі Дам’яна Анджэя Мускуса OFM.
Як паведамляе афіцыйны сайт Кракаўскай архідыяцэзіі, біскуп Мускус наведаў парафію св. Стэфана ў рамах стацыйнага касцёла і ўдзяліў моладзі сакрамэнт канфірмацыі. Сярод іх былі трое беларусаў, якіх да прыняцця сакрамэнту праз пэўны час рыхтаваў ксёндз Юры Рашатко.
Звяртаючыся да кандыдатаў, іерарх адзначыў, што хоць момант прыняцця сакрамэнту не будзе такой спектакулярнай падзеяй як перамяненне на гары Табор або Спасланне Духа Святога на апосталаў, але адносіны з Богам змяняюць – дзякуючы ім хрысціяне распазнаюць у сабе годнасць дзяцей Божых і адначасова распазнаюць у Богу любячага Айца. А кс. Лешэк Гарстка, пробашч парафіі, адзначыў, што ўся парафія цешыцца сёння гэтак жа, як і ў дзень хросту, і пажадаў моладзі заўсёды быць сведкамі Хрыста. У падарунак ад парафіі ўдзельнікі ўрачыстасці атрымалі Святое Пісанне.
Нагадваем, што беларусы пачалі збірацца на малітву на роднай мове ў кастрычніку 2022 года, дзякуючы намаганням кс. Андрэя Вашчука SDS і кс. Ежы Вілька SCJ, святароў, якія шмат гадоў служылі Богу і людзям на Беларусі. З 2023 года Святыя Імшы і душпастырская дзейнасць адбываецца пры парафіі Святога Стэфана пры паслузе ксяндза Юрыя Рашатко.
Душпастырская дзейнасць супольнасці не абмяжоўваецца нядзельнымі і святочнымі Імшамі. На працягу гэтага часу вернікі-беларусы падрыхтаваліся і прынялі іншыя сакрамэнты: хрост, канфірмацыю, намашчэнне хворых, споведзь. Дзейнічае ўласны хор, біблійнае кола, праводзяцца духоўныя практыкаванні (рэкалекцыі) і супольныя пілігрымкі, экскурсіі і сустрэчы з музычнымі калектывамі, а нават ладзяцца супольныя набажэнствы з арганізаванымі пілігрымкамі з Беларусі. Адной з голоўных падзей 2024 года стала арганізацыя і правядзенне Другога З’езда беларусаў-каталікоў замежжа ў Кракаве. Дзякуючы прыхільнасці і падтрымцы супольнасці з боку пробашча парафіі св.Стэфана, ксяндза Лешка Гарсткі, беларусы-каталікі Кракава маюць магчымасць інтэграцыі ў парафіяльнае душпастырства без неабходнасці асіміляцыі.
Фота: Прэс-служба Кракаўскай архідыяцэзіі, архіў душпастырства беларусаў у Кракаве