logo_web-1-qtypgzmj5693tfbwmrc7mf3b9qzsg7zagtda3eheyo-9-quqdy54rs9w7uzkom4kseycf38seynwskfr8sx02yo

Адвэнт – літургічны перыяд чакання на прыйсце Збаўцы

by -

1 снежня ў Касцёле распачынаецца Адвэнт – (ад лац. Adventus – прыйсце) – літургічны перыяд чакання на прыйсце Збаўцы. Гэта час духоўнай падрыхтоўкі, чакання і надзеі. Менавіта гэты перыяд распачынае ў Касцёле новы літургічны год.

Адвэнт доўжыцца чатыры нядзелі, якія папярэднічаюць Божаму Нараджэнню, і дзеліцца на дзве часткі: першая – да 16 снежня – гэта час радаснага чакання паўторнага прыйсця Езуса на сканчэнне свету; другая – з 17 па 24 снежня – звязана непасрэдна з падрыхтоўкай да ўрачыстасці Нараджэння Пана. Галоўная мэта Адвэнту – прыгатаваць нас да прыйсця Хрыста. Таму Касцёл называе гэты час “радасным чаканнем”, а не посным перыядам пакуты.

Ізраэльскі народ на працягу пакаленняў чакаў абяцанага Месію. Іх культура і рэлігійны культ факусаваліся на збаўцы, які прыйдзе, каб выбавіць іх ад няволі і даць ім усё тое, што абяцаў Бог. Таму Адвэнт – гэта час, калі трэба аднавіць у сабе чаканне Месіі. Касцёл заахвочвае да цішыні, малітвы, рэфлексіі і чытання Святога Пісання.

На працягу ўсяго літургічнага перыяда спадарожнічаюць галоўныя адвэнтавыя постаці: Найсвяцейшая Панна Марыя, апякунка Адвэнту, прарок Ісая, якія прадказаў прыйсце Хрыста, і Ян Хрысціцель, які падрыхтаваў народ да сустрэчы са Збаўцам.

Колеры Адвэнту

У Адвэнце святар апранае фіялетавае літургічнае адзенне. Хоць гэта радасны перыяд, але гэта ўсё роўна час духоўнага прыгатавання, калі трэба падумаць над сваім жыццём, засяродзіцца на малітве і змяніць сваё сэрца да надыходзячага свята.

Выключэннем ёсць трэцяя нядзеля, званая Gaudete. Яе назва паходзіць ад словаў імшальнай антыфоны на ўваход Gaudete in Domino semper (“Радуйцеся заўсёды ў Пану”). Гэта адзін з двух дзён у годзе, калі святар адпраўляе Імшу ў адзенні ружовага колеру, які сімвалізуе радасць і выражае перавагу святла, адначасова прыгадваючы, што Божае Нараджэнне блізка.

Рараты

Найбольш характарыстычнай літургіяй гэтага перыяду з’яўляюцца Рараты – ранішняя св. Імша на ўшанаванне Найсвяцейшай Панны Марыі. Іх назва паходзіць ад традыцыйнага спеву на ўваход Rorate Cœli desuper – “Крапіце, нябёсы, расу з вышыняў” (Іс 45, 8).

На раратніх св. Імшах спяваецца гімн “Хвала на вышынях Богу”, а святар ужывае літургічнае адзенне белага колеру, падкрэсліваючы гэтым урачысты характар літургіі.

Рараты цэлебруюцца толькі ў буднія дні і на світанні, але ў апошнія гады ў многіх касцёлах такія Імшы адбываюцца і ўвечары, каб усе вернікі мелі магчымасць удзелу ў набажэнствах.

Звычайна Рараты распачынаюцца ў цемры. Пры алтары гарыць раратняя свечка – вялікая свечка з марыйнай сімволікай, а вернікі трымаюць у руках запаленыя ліхтарыкі. Свет у касцёле ўключаюць падчас гімну “Хвала на вышынях Богу”.

Адвэнтавыя рэкалекцыі

Шматвяковая традыцыя рэкалекцый сведчыць аб важнасці гэтых духоўных практыкаванняў. Адвэнтавыя рэкалекцыі дапамагаюць адчуць атмасферу святаў, але не магічную, толькі Божых святаў, поўных супакою і радасці, бо на свет прыходзіць Збаўца.

Час трохдзённых рэкалекцый дапамагае духоўна падрыхтавацца да ўрачыстасці, засяродзіцца над сутнасцю Божага Нараджэння. Гэта добрая нагода, каб спыніцца, суцішыцца, паглядзець на сваё жыццё ў святле веры і падрыхтавацца да сакрамэнту споведзі.

Адвэнтавы вянок

У першую нядзелю Авдэнту ў касцёлах і дамах з’яўляюцца адвэнтавыя вянкі з чатырма свечкамі. Першы вянок прыгатаваў у 1839 годзе лютэранскі святар Йоханн Віхэрн, а на пачатку ХХ стагоддзя традыцыю прынялі і католікі.

Адвэнтавы вянок выконваецца з яловых галінак, на ім ставяцца чатыры свечкі – сімвалы кожнай нядзелі. Першая свечка сімвалізуе супакой, другая – веру, трэцяя – радасць, чацвёртая – надзею. Круглая форма вянка азначае, што Бог вечны, Ён не мае ні пачатку, ні канца. Яловыя галінкі – сімвал вечнага жыцця.

ВАМ ТАКСАМА МОЖА СПАДАБАЦЦА

logo_web 1

Душпастырства Беларусаў у Польшчы

— гэта беларускія каталікі, якія сустрэліся за мяжой і

вырашылі разам маліцца за Бацькаўшчыну на роднай мове.

© 2023 Душпастырства Беларусаў у Польшчы

Душпастырства Беларусаў у Польшчы

— гэта беларускія каталікі, якія сустрэліся за мяжой і вырашылі разам маліцца за Бацькаўшчыну на роднай мове.

Карысныя спасылкі

logo_web 1

© 2023 Душпастырства Беларусаў у Польшчы