Аб’явы 25.02.2024

by -

Аб’явы на новы месяц:

  • 3-ага і 17-ага сакавіка, у нядзелі Вялікага Посту запланаваныя Святыя Імшы па-беларуску на Фундацыі і Кракаўскім Прадмесці, адпаведна;
  • На адну з Эўхарыстый, верагодна, зможа прыехаць іншы святар, каб так, як у Адвэнце кс. Славамір, лепш падрыхтаваць нас сваім казаннем да Пасхі.
  • У часе Вялікага Посту ёсць прапанова хаця б раз сабрацца на набажэнства Крыжовага Шляху па-беларуску, а таксама, бліжэй да Велікоднай Урачыстасці, зрабіць Пакутнае набажэнства (Літургія Слова, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, магчымасць споведзі). Даты будуць пададзены крыху пазней;
  • На жаль, вобраз і план з катэхезамі не вытрымаў спаткання з рэальнасцю. Нашыя спатканні пасля Эўхарыстыі самі сабою маюць іншы характар, не атрымліваецца зрабіць як планавалі. Таму пакуль пакінем фармат з кароткімі відэа кожны месяц.
  • Да канца сакавіка плануем набыць рэчы, якія ў знак удзячнасці за гасціннасць і адкрытасць на нас будуць пераказаны настаяцелям Фундацыі і касцёла капуцынаў на Кракаўскім Прадмесці. А пасля гэтага апублікуем кароткую справаздачу са сродкаў, якія мы збіралі і выдавалі;
  • Пасля апошняга выязду а. Андрэя ў Беларусь стала вядома, што план у настаяцеляў – вяртанне ў Беларусь напрыканцы гэтага акадэміцкага году. Хутчэй за ўсё – канец вясны, пачатак лета. З гэтым скончыцца паслуга гэтай нашай супольнасці. Як адзначае айцец: “Многае з таго, аб чым я марыў з вамі – здзейснена. Але пэўныя планы так планамі і засталіся. Я не ведаю, як гэта будзе ў наступным годзе. Магчыма, што тым, хто нечага чакае і хоча прыйдзецца самім браць адказнасць і шукаць святароў, збіраць людзей. Са свайго боку абяцаю падрыхтаваць і спісы тых святароў, якія б маглі, і кантакты да іх, а таксама розную інфармацыю, якая можа дапамагчы. Ведаю і маю ўпэўненасць, што сярод вас ёсць людзі, якія могуць і якія адолеюць гэты выклік. Вельмі спадзяюся, што мая апека ў гэтым годзе не спрычынілася да таго, каб адвучыць вас ад узяцця на сябе адказнасці. Прынамсі я стараўся, каб так не было. Ад вас атрымліваў шмат ідэяў і планаў, бачу ў вас энтузіязм.”.

 

Душпастырства беларусаў Польшчы

— гэта беларускія каталікі, якія сустрэліся за мяжой

і вырашылі разам маліцца за Бацькаўшчыну на роднай мове.

© 2024 Душпастырства Беларусаў Польшчы