“Досвед і справа” – над такой тэмай прапаноўваюць паразважаць арганізатары трэцяга З’езду беларусаў замежжа, што адбудзецца 9-11 мая ў Гданьску.
Мэта сёлятняга спаткання – актывізавацца і акрэсліць бачанне развіцця душпастырстваў на наступны год. Каб лепш зразумець, як павінны дзейнічаць беларускія супольнасці, арганізатары запрасілі людзей, якія служаць у розных душпастырствах, падзяліцца сваім досведам. Навошта патрэбныя душпастырствы беларусаў замежжа? Што даюць супольныя выезды? Ці будзе нешта без свецкіх? Гэта толькі некаторыя з пытанняў, на якія паспрабуюць адказаць запрошаныя госці.
Трохдзённая праграма з’езду складаецца з трох частак: малітоўнай, дыскусыйнай і рэкрыацыйнай. Першая – цэнтральная для кожнага дня. Яна ўключае ў сябе Святую Імшу, ютрань і нешпары. Дыскусыйная зойме большую частку другога дня. Там можна будзе углыбіцца ў пытанні, якія ставяць перад удзельнікамі арганізатары, прапанаваць свае ідэі і пачуць іншыя. У межах рэкрыацыйнай часткі ўдзельнікаў чакае шпацыр па Гданьску, экскурсія па Сопаце і, канешне ж, знаёмства з беларусамі-аднадумцамі.
Паралельна са з’ездам будзе праходзіць Спеўны Ўікэнд – ініцыятыва па развіцці літургічнай музыкі. Калі музыка для вас цікавейшая, чым даклады і дыскусіі – можна паспяваць! Будзе магчымасць навучыцца шэрагу твораў, стварыць адзін вялікі хор і ўпрыгожыць З’езд беларусаў у Гданьску прыгажэзным спевам.
Арганізатары запэўніваюць харчаванне (акрамя вячэры 10 мая), у праграме прадугледжаны кава-паўзы. Таксама ёсць магчымасць начлегу ў Szkolnym Schronisku Młodzieżowym. Для ўдзелу ў з’ездзе абавязвае рэгістрацыя. Агульны кошт удзелу – 150 злотых з начлегам і 70 злотых без начлегу. Падчас запісу неабходна ўнесці 50 злотых. Увага! Фінансавыя клопаты не могуць быць перашкодай да ўдзелу.
