13 кастрычніка ў Познані адбылася першая Святая Імша на беларускай мове ў новым касцёле з новым душпастырам.
Летам супольнасць беларусаў Познані звярнулася да свайго іерарха з просьбай аб прызначэнні новага душпастыра для іх супольнасці. Адказваючы на просьбу познаньскіх біскупаў і душпастырскія патрэбы Познаньскай архідыяцэзіі, а таксама клапоцячыся аб сакрамэнтальным жыцці беларускай дыяспары, супольнасць езуітаў прызначыла айца Гжэгожа Дабрачыньскага SJ душпастырам беларусаў. І ўжо 13 кастрычніка адбылася св. Імша ў касцёле Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і Маці Божай Суцяшэння.
На Літургіі прысутнічала каля 20 чалавек. Усе вельмі хваляваліся, бо для кс. Гжэгожа гэта была першая ў жыцці служба на беларускай мове. Але як гаворыць Алена, адна з удзельнікаў Літургій на роднай мове: “Мы стараліся ва ўсім дапамагаць, і таму атрымалася ўсё з Божай дапамогай добра! А пасля Імшы мы традыцыйна сабраліся на гарбату, каб пазнаёміцца і пагутарыць”.
Святыя Імшы на беларускай мове ў Познані адбываюцца кожную нядзелю а 12:30 у касцёле Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і Маці Божай Суцяшальніцы па адресе Szewska 18 (уваход у капліцу злева ля цэнтральнага алтара). Пасля Літургіі ўсіх запрашаюць на гарбату ў сальцы ў вежы св. Готарда (першыя дзверы направа пры выхадзе з касцёла). Больш падрабязна пра супольнасць беларусаў у Познані можна пачытаць на нашым сайце. Каб сачыць за навінамі, запрашаем далучацца ў тэлеграм-чат, а таксама падпісвацца на старонкі ў інстаграме і фэйсбуку.