Велікодныя ўрачыстасці познаньская супольнасць беларусаў распачала сумеснай Літургіяй Вялікай Суботы з польскай парафіяй.
Напярэдадні Беларусы прыйшлі на падрыхтоўчую сустрэчу і разам з польскімі вернікамі абмеркавалі, які ўдзел яны могуць прыняць у Эўхарыстыі. І ўжо падчас пасхальнай Вігіліі ў Познані два чытанні і два псальмы прагучалі па-беларуску.
Пробашч парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Дзевы Марыі ксёндз Кшыштаф Ружаньскі папярэдзіў сабраных, што Святая Імша адбудзецца ў дзвюх мовах, бо ад кастрычніка ў іхнім касцёле моляцца і каталікі-беларусы. Рэакцыя мясцовых вернікаў на такое новаўвядзенне была станоўчай: рэфрэны псальмаў па-беларуску спяваў увесь касцёл!
Гэта ўжо другі раз, калі ў Познані маліліся падчас Святой Імшы і па-польску, і па-беларуску. Перад гэтым падобнае набажэнства правялі на Божае Нараджэнне ў 2023 годзе. Беларусы маюць надзею, што такая практыка стане добрай традыцыяй у будаванні добрых стасункаў з польскай парафіяй, якая адчыніла для іх свае дзверы.