29–31 мая ў Познані, сталіцы Вялікапольшчы, адбыўся IV З’езд беларусаў каталікаў замежжа. Падзея, якая ўжо стала прыгожай традыцыяй беларускай каталіцкай супольнасці па-за межамі краіны, сабрала больш за сто ўдзельнікаў з розных гарадоў Польшчы. Сярод прысутных былі таксама госці з Германіі і Літвы, што надало сустрэчы міжнародны характар.
Сёлеташні з’езд стаў працягам сустрэч, арганізаваных у папярэднія гады: першы адбыўся ў Варшаве, другі — у Кракаве, трэці — у Гданьску, а цяпер гаспадаром мерапрыемства стала Познань. Сустрэчы служаць інтэграцыі каталікоў беларусаў , якія жывуць па-за Бацькаўшчынай, абмену душпастырскім досведам, а таксама ўмацаванню веры і супольных сувязяў.
Беларускія душпастырствы дзейнічаюць сёння ў васьмі гарадах Польшчы, ствараючы прастору для малітвы, фармацыі і ўзаемнай падтрымкі вернікаў, якія жывуць на эміграцыі.
Праграма з’езду ўключала супольную малітву, Эўхарыстыю, канферэнцыі, сведчанні веры, а таксама час для роздуму і размоў. Выдзяляўся час і для засяроджанасці, духоўных разважанняў і супольнага пошуку адказаў на выклікі, перад якімі стаяць беларускія каталіцкія супольнасці па-за межамі краіны.
Першая частка дня ў суботу прайшла ў касцёле святога Антонія Падуанскага айцоў францішканаў. Падчас канферэнцыі ўдзельнікі дзяліліся досведам развіцця беларускіх душпастырстваў, распавялі пра дзейнасць сваіх супольнасцяў і сведчылі пра хрысціянскае жыццё на эміграцыі.
У сустрэчы ўдзельнічаў ксёндз Лешык Крыжа TChr, каардынатар душпастырства беларусаў у Польшчы. Душпастырствам беларусаў у Познані з кастрычніка мінулага года апякуецца езуіт, ксёндз Гжэгаж Дабрачыньскі SJ.
Сярод удзельнікаў былі таксама беларускія святары, якія служаць па-за межамі краіны.
У другой частцы асноўнага дня ў галерэі езуітаў адбыўся ўрачысты канцэрт, які стварыў прастору для інтэграцыі, размоў і ўмацавання сувязяў паміж удзельнікамі.
IV З’езд беларускіх католікаў на эміграцыі яшчэ раз паказаў жыццяздольнасць беларускай каталіцкай супольнасці па-за Бацькаўшчынай. Гэта быў час малітвы, узаемнага ўмацавання ў веры, абмену досведам і будавання адзінства паміж беларусамі, якія жывуць у розных гарадах і краінах.
Удзельнікі з’езду выказваюць шчырую падзяку супольнасцям езуітаў і францішканаў у Познані, Caritas, а таксама ксяндзу Лешыку Крыжа за падтрымку, гасціннасць і стварэнне магчымасці для супольнай сустрэчы, малітвы і будавання супольнасці.