14 і 15 сакавіка 2026 года ў санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Кракаве-Лагеўніках адбыліся Святыя Імшы на беларускай мове.
У гэтыя дні санктуарый наведалі пілігрымы з Беларусі на чале з душпастырам, ксяндзом Аўгустам Калясінскім, з парафіі Найсвяцейшай Тройцы і святога Роха на Залатой Горцы ў Мінску. Падчас пілігрымкі вернікі даручылі Божай Міласэрнасці свае малітоўныя просьбы і падзякі.
Да пілігрымаў далучыліся таксама каталікі-беларусы з Кракава разам са сваім душпастырам, ксяндзом Юрыем Рашатко. Менавіта гэтая супольнасць штонядзелю збіраецца на Святыя Імшы і набажэнствы па-беларуску ў парафіі святога Стэфана Першамучаніка.
Асаблівым момантам пілігрымкі стала сустрэча ў санктуарыі з мітрапалітам Кракаўскім, кардыналам Гжэгожам Рысем, а таксама з кардыналам Марыё Грэкам, генеральным сакратаром Сіноду Біскупаў, які прыбыў у Кракаў з нагоды распачацця сінадальнага працэсу ў Кракаўскай архідыяцэзіі.
Гэтая супольная малітва ў Лагеўніках стала знакам еднасці беларускіх католікаў, якія і на радзіме, і па-за яе межамі жадаюць захоўваць веру, родную мову і дух жывой касцёльнай супольнасці.