Фэст Маці Божай Браслаўскай прайшоў у Гданьску 21 верасня ў трэці раз. Сабралася каля 70 чалавек.
Душпастырства каталікоў-беларусаў у Гданьску абрала сабе як апякунку Маці Божую Браслаўскую.
«Мы выбралі Маці Божую Браслаўскую, каб было свята супольнасці. Мы хочам, каб быў нейкі дзень, калі мы святкуем, што мы ёсць», – дзеліцца Таццяна.
Каб выбраць апякунку, супольнасць галасавала.
«Там малітва вельмі марская ў яе. І гавань, і карабель з касцёла, і паказвай шлях, будзь маяком. Там вельмі шмат такіх суаднясенняў», – расказвае прадстаўніца беларускага душпастырства ў Гданьску, горада, які знаходзіцца на ўзбярэжжы Балтыйскага мора, Таццяна Грычун.
Фэст яны ладзяць крыху пазней за Браслаўскі фэст у Беларусі, у верасні, калі заканчваюцца вакацыі. Летась яны намалявалі абраз Багародзіцы на замову і падчас фэсту яго асвяцілі.
Падчас фэсту памаліліся на святой Імшы, якую адправіў ксёндз Пётр Врубель, які служыць беларусам. Пасля яе ў канферэнцыйнай залі касцёла зладзілі віктарыну пра гісторыю абраза Маці Божай Браслаўскай і гісторыю беларускага душпастырства. У святочнай праграме дзяўчаты пад кіраўніцтвам Вольгі Барышнікавай спявалі традыцыйныя жніўныя і лірычна-танцавальныя спевы. Напрыканцы капэля Трыградзкая зладзіла патанцоўку традыцыйных танцаў для ўсіх удзельнікаў.
Наведвальнікаў фэсту чакаў супольны стол з пачастункаў, што самі прынеслі. Зладзілі конкурс пірагоў. У намінацыі на лепшы смак перамагла харыстка Караліна пірог з безэ і фінікамі, а за лепшы выгляд медавіка прагаласавалі за арганістку Эвеліну.
«Фэст аб’ядноўвае людзей, усе нармальна пагаварылі. Хтосьці прыйшоў, хто не ходзіць. Сустрэліся ўсе актывісты», – кажа суразмоўца пра карысць ад такой падзеі.