З нагоды Дня малітвы і дапамогі Касцёлу на Усходзе, які адзначаецца ў Польшчы ў другую нядзелю Адвэнту, беларускую супольнасць у Варшаве наведаў арцыбіскуп мітрапаліт Варшаўскі кардынал Казімір Ныч.
Урачыстасць адбылася ў суботу 11 снежня ў парафіі св.Аляксандра ў Варшаве, дзе дзейнічае беларускае душпастырства. Першым і галоўным пунктам сустрэчы была Святая Імша, якую кардынал цэлебраваў ў інтэнцыі Беларусі. Прысутныя далучыліся да малітвы за Бацькаўшчыну, дзякуючы за дзесяцігоддзі падтрымкі беларускага Касцёла, за святароў-палякаў, якія на працягу доўгіх гадоў неслі сваю паслугу ў розных кутках Беларусі.
Падчас казання іерарх падкрэсліў, што палякі і беларусы належаць да аднаго і таго ж Паўсюднага Касцёлы. І заахвоціў прысутных пачувацца тут добра, наколькі гэта магчыма.
На Літургіі прыстунічалі святары, якія служаць беларусам у Варшаве – кс. Вячаслаў Барок і кс. Яўген Вінтоў, душпастыр беларускіх грэка-каталікоў у Варшаве а.Лявонцій Тумоўскі, а таксама святары, якія раней служылі ў Беларусі – кс.Адам Урубель, кс.Гжэгож Ксёнжэк і кс.Казімір Шока. Сярод прысутных верных быў таксама амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі.
Пасля Эўхарыстыі адбыўся канцэрт “Нам засталася спадчына”, падчас якога выступіў калектыў традыцыйных спеваў “Гаёўкі” са Школы беларускай традыцыйнай культуры ў Варшаве пад кіраўніцтвам Лізаветы Рэут, гурт Znak Stop – вядомы раней як дуэт Laudans, і мінскі хор Concordia пад кіраўніцтвам Галіны Казіміроўскай, які выконвае творы сучасных беларускіх кампазітараў і цяпер працягвае сваю творчую дзейнасць у Варшаве.
Напрыканцы свята ўсе прысутныя сабраліся ў парафіяльным доме на дзяленне аплаткам і пачастунак.
Дзякуем усім арганізатарам мерапрыемства і ахвярадаўцам!
Фота: Марта Ткачук