Час пілігрымкі Варшава-Кодэнь-Кастамлоты набліжаецца. Ужо трывае запіс, паводле каторага арганізатары будуць разлічваць колькасць удзельнікаў і планаваць ўсё неабходнае для іх добрабыту ў дарозе.
Калі мы яшчэ вагаецеся з рашэннем, прапануем азнаёміцца з водгукамі з мінулай пілігрымкі.
Галіна, 49 гадоў
Вельмі прадуманая арганізацыя маршрута, начлега, давоза рэчаў. Шыкоўная медычная дапамога. Я ўвогуле не думала, што дайду Спадарожнікі — усе вельмі цікавыя, разнастайныя, са сваімі фішачкамі. Палякі — адкрытыя, гасцінныя. Вельмі цікавыя разважанні, лекцыі Марыюша. Спевы як рэлігійныя, так і народныя.
Каміла, 20 год
Агулам усё супер! Атмасфера, спевы, размовы, канферэнцыі.
Вераніка, 31 год
Спадабаліся людзі. Такія шчырыя, адкрытыя, простыя, ідэйныя, цудоўныя. Калі сціпла, то планую пайсці ў наступным годзе, а там як Бог дасць.
Вераніка, 34 гады
Заўсёды любіла пілігрымкі, таму вельмі рада, што і беларусы Польшчы маюць магчымасць перажыць гэты асаблівы духоўны вопыт. Шлях у Кастамлоты — гэта для мяне акунанне ў знаёмую атмасферу беларускай пілігрымкі, прабыванне з суайчыннікамі і аднадумцамі, што прыносіць шмат пазітыўных эмоцый і успамінаў. Мой сын у гэтым годзе пайшоў у сваю першую ў жыцці пілігрымку, і я лічу, атрымаў цудоўны досвед сапраўднай беларускай пілігрымкі. Час пілігрымкі ўмацаваў у маім сэрцы надзею на тое, што Госпад з намі, і што нашы малітвы абавязкова будуць выслуханыя.
Андрэй, 32 гады
Так увогуле, для мяне пілігрымка сталася самым шчаслівым часам за апошнія прынамсі 2 гады. І хіба што яшчэ доўгі час будзе з’яўляецца для мяне найбольш прыемным успамінам. Я ішоў у пілігрымку з інтэнцыяй аб уласным навяртанні. Не магу сказаць, што маё жыццё цудоўным чынам аднавілася, але прынамсі ў мяне з’явіліся сілы, каб працаваць на сабой.
Нечаканай ласкай, якую я атрымаў у часе пілігрымкі стала дапамога з маёй даўняй фобіяй. Колькі я сябе памятаю — я панічна баяўся сабакаў. Пасля пілігрымкі я заўважыў, што ўжо не адчуваю такога жаху перад імі. Засталася яшчэ звычка непакоіцца праходзячы побач з сабакамі, але гэта нельга параўнаць з тым, што было раней. І цяпер маю надзею з Божай ласкай пасля некаторай працы над сабой ўрэшце выбавіцца ад гэтага страху. Засталося яшчэ перастаць баяцца людзей (жартую).
Хіба што больш за ўсё спадабаліся людзі ў пілігрымцы, досвед супольнога падарожжа, сустрэча з былымі знаёмымі, сустрэча з новымі людзьмі, магчымасць бліжэй пазнаёміцца з людзьмі з нашага душпастырства. Атмасфера зычлівасці і ўзаемнай дапамогі. Асабліва хочацца вылучыць працу нашых медзікаў, кіроўцы бусіка (Алеся), і ўсіх, хто рыхтаваў лекцыі, канференцыі, разважанні, малітвы, спевы. І, канешне, арганізацую ўвогуле: планаванне маршруту, арганізацыю перапынкаў, і г. д. Вельмі ўразіла гасціннасць мясцовых жыхароў. Спадабалася магчымасць пазнаць Польшчу з іншага боку: паглядзець на польскія вёскі, розныя святыні. Я ўпершыню ўбачыў драўляныя касцёлы.
Зміцер, 56 гадоў
Вельмі спадабаліся тыя чатыры дні, якія я прайшоў разам з вамі. Шкадую, што не атрымалася прайсці ўсе сем. Дзякую ўсім вам.
