“Cпадзяюся, што мы будзем разам ствараць адкрыты і паўсюдны Касцёл, у якім кожны зможа знайсці сваё месца і маліцца на сваёй мове“, – падкрэслівае ў размове з КАІ кс. Лешэк Крыжа SChr. Дырэктар Бюро Групы Дапамогі Касцёлу на Усходзе быў прызначаны Нацыянальным Каардынатарам Душпастырства беларусаў у Польшчы падчас 400-га Пленарнага Паседжання Канферэнцыі Епіскапату Польшчы.
Як паведамляе еКАІ, Кс. Крыжа адзначыў, што гэтая намінацыя фактычна з’яўляецца пашырэннем яго цяперашняй дзейнасці ў рамках Групы Дапамогі Касцёлу на Усходзе пры Канферэнцыі Епіскапату Польшчы. – “Калі колькасць людзей, якія прыбываюць з Беларусі ў Польшчу, пачала павялічвацца і з’явілася просьба вернікаў аб магчымасці рыма-каталіцкага душпастырства на беларускай мове, у супрацоўніцтве з беларускім епіскапатам і варшаўскім арцыбіскупам атрымалася арганізаваць першыя сустрэчы і літургію пры касцёле св. Аляксандра ў Варшаве. Потым мы знайшлі святара, які паходзіць з Беларусі, і гэта быў пачатак“, – растлумачыў ён.
З цягам часу колькасць месцаў, дзе беларусы збіраюцца на літургію на сваёй мове, пачала павялічвацца. У цяперашні час іх дзевяць па ўсёй Польшчы – два ў Варшаве, а таксама ў Лодзі, Кракаве, Беластоку, Гданьску, Любліне, Уроцлаве і Познані. Узнікла патрэба знайсці асобу, якая б каардынавала дзейнасць святароў, якія служаць беларусам, а таксама клапацілася б пра гэтую супольнасць, дапамагала з фармальнасцямі і спрыяла кантактам з біскупамі і іншымі структурамі Касцёла. – “Маёй галоўнай задачай з’яўляецца менавіта каардынацыя гэтай душпастырскай сеткі“, – растлумачыў дырэктар Бюро Групы Дапамогі Касцёлу на Усходзе.
Ён падкрэслівае, што, як Нацыянальны Каардынатар Душпастырства беларусаў у Польшчы, ён найперш хацеў бы наведаць асобныя супольнасці і сустрэцца са святарамі і вернікамі, каб пазнаёміцца з іх сітуацыяй. – “Хачу пазнаць як радасці, так і цяжкасці беларусаў. Гэта будзе для мяне асновай для далейшых дзеянняў. Думаю, што ў будучыні мы яшчэ больш актыўна далучымся да ініцыяты Рады Епіскапату па справах Мігрантаў і Ўцекачоў, каб разам ствараць апеку над іншаземцамі ў Польшчы. На карце Касцёла ў нашай краіне з’яўляецца ўсё больш цэнтраў душпастырства для замежнікаў. У нас ужо ёсць цэнтры для людзей, якія карыстаюцца англійскай, французскай, іспанскай, в’етнамскай, італьянскай, венгерскай, украінскай і беларускай мовамі. Душпастырства на беларускай мове ўпісаецца ў гэты прыгожы спектр разнастайнасці Касцёла” – падкрэсліў кс. Лешэк.
