logo_web-1-qtypgzmj5693tfbwmrc7mf3b9qzsg7zagtda3eheyo-9-quqdy54rs9w7uzkom4kseycf38seynwskfr8sx02yo

Лічу важным расказаць беларусам пра нашу супольнасць, пра Імшы па-беларуску – як Эмілька спалучае сям’ю, спорт і хрысціянства

by -

Спартыўная мама – гэта трэнажорны зал, паходы ў горы, сплавы на байдарках і вандроўкі. Эмілія Гаўрус, прыгажуня з зіготкімі вачыма і заразлівай усмешкай, трымае ў тонусе сваіх блізкіх і натхняе падпісчыкаў у Instagram.

Разам з мужам Андрэем яны дбаюць пра ўласнае духоўнае ўзрастанне, а таксама клапоцяцца аб хрысціянскім выхаванні сваёй дачкі Камілы. Іх сям’я імкнецца часцей удзельнічаць у мерапрыемствах уроцлаўскага душпастырства, а Эмілія заўсёды запрашае ўсіх ахвотных далучыцца да іх супольнасці.

Нягледзячы на тое, што наша гераіня паходзіць з Заходняй Беларусі, святая Імша на беларускай мове займае ў яе сэрцы асаблівае месца, а моўнае пытанне выклікае адначасова і боль, і жаданне змяніць свет вакол сябе.

Фота: Ірэна Міхеева

Біяграфія

Я нарадзілася і расла на Астравеччыне ў вёсцы Бабраўнікі, па адукацыі – журналістка. Вучылася ва ўніверсітэце ў Гародні, там пазнаёмілася з будучым мужам Андрэем. З ім мы схадзілі разам у пілігрымку ў Будслаў, з якой вярнуліся ўжо як пара. Маем дачушку Камілу. 

У 2021 годзе з’ехалі з Беларусі і цяпер жывем у маленькім польскім горадзе Алясніца, што каля Уроцлава. Апошнія 5 гадоў я працую HR-менеджаркай у сферы IT, у вольны ладжу бясплатныя курсы беларускай мовы ва Уроцлаве, займаюся рознымі спартыўнымі актыўнасцямі – фітнес, кікбоксінг, бег. Шмат вандруем з мужам і дачкой, ходзім у горы.

«Фізічная актыўнасць – гэта і добры лек ад сумных думак…»

Я заўсёды займалася спортам, але ў эміграцыі стала рабіць гэта значна больш і часцей, бо фізічная актыўнасць – гэта і добры лек ад сумных думак, і моцная падтрымка нармальнага эмацыйнага стану. Пасля пераезду стала больш трывогаў, шмат тэмаў выклікаюць боль, але мы стараемся факусавацца на добрым. Спорт, актыўнасці, вандроўкі і прыемнае атачэнне вельмі дапамагаюць трымацца нам самім і падтрымліваць іншых. Дзякуючы трэніроўкам, я знайшла класную спартыўную супольнасць, сябровак-поляк, з якімі значна лягчэй было адаптавацца ў новай краіне. Мяне гэта тэма натхняе, таму імпэту на спартыўныя актыўнасці шмат.

Тое ж і з вандроўкамі, напрыклад. Тут побач горы, таму мы вельмі часта туды ходзім, летам выбіраемся з намётамі. У Беларусі вельмі любілі ездзіць па замках, палацах, сядзібах хаця большасць з іх – гэта руіны, ад якіх праз некалькі дзесяцігоддзяў нічога не застанецца… Cядзіба Плятараў у Опсе, каплічка-пахавальня ў Шчэчыцах, сядзібы Дамейкаў у Сітцах, Мінейкаў на Астравеччыне, Ваўжэцкіх на Віцебшчыне, касцёл у Беніцы, палацы Сапегаў у Ружанах і Тышкевічаў над Іслаччу і шмат яшчэ чаго аб’ездзілі за апошнія год-два, пакуль былі ў Беларусі. 

Таму Камілка, дачка, да вандроўкаў прызвычаеная. Хоць часам па гарах крыху і лянуецца хадзіць. Але ходзіць! Яе рэкорд – 15 км за дзень. Як для сямігадовай маленькая асобы то і нядрэнна, лічу. А першы раз яна з намі паляцела ў вандроўку, калі мела 8 месяцаў. Пераехаўшы ў іншую краіну і разумеючы, што вярнуцца на Радзіму пакуль няма як, стараемся шукаць плюсы і захоўваць любоў да жыцця і тых рэчаў, якія робяць яго насычаным, прыгожым і яркім.

Фота: Ірэна Міхеева

Вера

У дзяцінстве я хадзіла ў касцёл, бо трэба было. Ды і пазней ставілася да гэтага больш як да традыцыі, без асэнсавання. Такім чынам я захоўвала памяць пра сваю бабулю, якая ўсё жыццё малілася і мяне навучыла, у тым ліку, бо ў сям’і заўсёды дбалі пра рэлігійныя святы і гэтак далей.

У жыцці быў перыяд, калі я зачытвалася Ошо і мела шмат пытанняў да каталіцкага Касцёла, хоць некаторыя з іх дагэтуль засталіся. Дзякуючы Андрэю (муж Эмількі – рэд.), класным святарам з Гародні і прыкладам некаторых хрысціянскіх сужэнстваў змяніла меркаванне і погляды на многія рэчы. Я ўбачыла шмат перавагаў, калі ты і сям’я імкнецеся жыць з Богам. Мы часта ўдзельнічаем ў рэкалекцыях, сужэнскіх курсах. Для мяне гэта заўсёды пра развіццё, умацаванне і сябе, і сужэнства. 

Выхаваннем Камілкі ў гэтай тэме займаецца больш яе тата – Біблія перад сном, ініцыятыва да супольных малітваў-размоваў і гэтак далей. Я гэта падтрымліваю, але таксама расказваю ёй, што ёсць іншыя веравызнанні і людзі з іншымі поглядамі.

Хрысціянская сям’я

Сем’і, якія дбаюць пра духоўнае развіццё, сутыкаюцца з такімі ж праблемамі, выклікамі, як і ўсе іншыя. Пытанне, як даваць з гэтым рады. 

У сям’і мусіць быць аўтарытэт. У хрысціянскіх сем’ях гэты аўтарытэт – Бог, а Бог ёсць Любоў. І гэта пра адданасць, дзесьці самаахвярнасць, здольнасць ісці на кампрамісы, бо «‎Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросціць, любоў не пыхлівая, не ганарыцца, не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла, не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай. Усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць» (1 Кар 13, 4-7).

Гэта прыгожыя словы і, вядома, не заўсёды лёгка на практыцы гэтым кіравацца, гэта вялікая праца. Часам – вельмі складана. Але, прынамсі, мы маем арыентыр, а яшчэ маем класныя сужэнствы ў супольнасцях, сярод якіх знаходзім выдатныя прыклады, падтрымку і натхненне.

Фота: Дзяніс Лапуноў

Духоўнасць і пераезд

Першая святая Імша па-беларуску, на якую мы трапілі ў Польшчы, была ў Варшаве з ксяндзом Вячаславам Барком. Я праплакала ўсю службу, бо кожнае сказанае слова – актуальнае, праўдзівае, пра нас і наш боль. Дагэтуль першы час мне было складана хадзіць на польскія Імшы. Не хапала нашага кантэксту, беларускай мовы, агульнай малітвы пра тое, што нам баліць. 

Цяжка сказаць, ці змянілася мая духоўнасць з пераездам. Мяркую, трэба больш часу гэтаму прысвячаць, не стаю на гэтай дарозе так трывала. Але імкнуся, натхняюся іншымі людзьмі з розных душпастырстваў.

«‎Яго фотаздымак да гэтага часу вісіць там на дошцы гонару…»

У Алясніцы мы пазнаёміліся з польскім святаром Мечыславам Янчышыным, які больш за 20 гадоў працаваў на Віцебшчыне у Лепелі, Навалукомлі, у Глыбокім. За гэты час пабудаваў там 4 касцёлы. Мне падаецца, захоўвае любоў да нашай краіны і нас, беларусаў. Дарэчы, яго фотаздымак да гэтага часу вісіць там на дошцы гонару, хоць ён ужо шмат гадоў як з’ехаў.

З дапамогай ксяндза Мечыслава мы арганізоваўлі ў Алясніцы Імшы па-беларуску, а таксама нефармальныя сустрэчы беларусаў-каталікоў, напрыклад, экскурсію па прыгожай алясніцкай базыліцы, старажытных крыптах і адзінай у Польшчы ланцуговай бібліятэцы. 

Тут заўсёды нам даюць магчымасць і ўсе ўмовы, каб сустрэцца і разам правесці час. 

Эмілька з мужам і кс. Мечыславам Янчышыным

Душпастырства ва Уроцлаве

Да душпастырства мы далучыліся ў 2022 годзе, калі добра памятаю. Вельмі цешуся, што ў нас ёсць ксёндз Антоні Аблам, які моліцца разам з намі на беларускай мове.

Заўсёды запрашаю прыйсці да нас. Лічу важным расказаць беларусам пра нашу супольнасць, пра Імшы па-беларуску, пра сустрэчы пасля іх. І не так істотна, перада мной актыўны вернік ці не або чалавек іншага веравызнання, бо ў эміграцыі трымацца разам, будаваць і ўмацоўваць каталіцкія, грамадзянскія супольнасці і падтрымліваць адно аднаго – вельмі важна.

У Гародні незадоўга да ад’езду хадзілі на сужэнскі курс, таксама на беларускія Імшы для сужэнстваў, таму пасля пераезду адчувалі, што такога не хапае. Хадзілі нават на сустрэчы ў польскую супольнасць у нашым горадзе. Там класна, але ўсё ж быць сярод беларусаў, маліцца разам, сустракацца – гэта зусім іншае, гэта акурат тое, што нам было патрэбна. Аднойчы нават паехалі ў Варшаву на сямейную сустрэчу, дзе нам было вельмі добра, але дарога заняла таксама шмат сілаў.

Я вельмі цешуся, што яно ёсць, што мы маем магчымасць сустракацца двойчы на месяц, хаця мы з сям’ёй не заўсёды можам далучацца, бо жывем не так блізка. Цешуся, што мы знайшлі тут сяброў. Я вельмі люблю і добра сябе адчуваю сярод людзей, якія ёсць у супольнасці нашай і ў супольнасцях іншых гарадоў. 

Мне падаецца, нам не хапае актыўнасці, ініцыятывы ад нас, удзельнікаў. Па сутнасці, апроч Імшаў і спатканняў пасля іх на каву ці гарбату не так часта штосьці яшчэ адбываецца. Але тут, зразумела, што дзесьці не хапае часу, дзесьці імпэту. Таму можа развіццё ідзе павольнымі крочкамі. Але ідзе.

Калі я штосьці магу зрабіць тут, у нашым душпастырстве, калі ёсць ідэі, магчымасці, то стараюся зрабіць. Хоць, вядома, гэта кропелькі. Калі была магчымасць арганізаваць выступ тэатральнай групы з Варшавы, то актыўна ў гэта ўключылася. Таксама вяду старонку супольнасці ў сацыяльнай сетцы.

Супольнасць беларусаў Уроцлава ў Алясніцы

Моўнае пытанне

Я каталічка з Заходняй Беларусі, з дзяцінства хадзіла ў касцёл, дзе ўсё было па-польску. Значэнне малітваў, нават на ўзроўні лексікі, зразумела толькі ў старэйшых класах, але ставілася да гэтага на той час больш, як да традыцыі, без асэнсавання. 

Апошнія гады, што жылі ў Гародні, мы стараліся хадзіць на Імшы толькі па-беларуску. Унутрана я заўсёды перажывала абурэнне, што службаў па-польску шмат, а на роднай нам мове – адна ў нядзелю, напрыклад. 

Хоць моўнае пытанне і балючае, але, калі яго ігнараваць, то Беларусі гэта дакладна ніяк не дапаможа. Мне падаецца, у эміграцыі асабліва важна, каб людзі далучаліся да беларускіх супольнасцяў, а не цалкам асіміляваліся. У гэтым я бачу і кропачку апоры для чалавека, і магчымасць гадаваць дзеткаў у беларускай прасторы, і свой маленькі ўнёсак у тое, як далей будзе развівацца наша краіна. 

Найчасцей рускую мову, напрыклад, дзіця ведае з сям’і, польскую – з садочка, школы. А ці даем мы, як бацькі, магчымасць дзіцяці ведаць і беларускую мову? У якім асяроддзі мы іх гадуем? Ці маюць яны магчымасць хаця б дзесьці пачуць беларускую мову? 

Мне вельмі падабаецца, што ў супольнасцях пануе пераважна беларуская мова. І падабаецца, калі па касцёле бегаюць дзеці, няхай нават і не надта ціха. Бо гэта азначае, што касцёл жывы і ёсць шанец, што гэтыя дзеткі будуць працягваць нашу справу і рабіць гэта па-беларуску.

Фота: Ірэна Міхеева

ВАМ ТАКСАМА МОЖА СПАДАБАЦЦА

logo_web 1

Душпастырства Беларусаў у Польшчы

— гэта беларускія каталікі, якія сустрэліся за мяжой і

вырашылі разам маліцца за Бацькаўшчыну на роднай мове.

© 2023 Душпастырства Беларусаў у Польшчы

Душпастырства Беларусаў у Польшчы

— гэта беларускія каталікі, якія сустрэліся за мяжой і вырашылі разам маліцца за Бацькаўшчыну на роднай мове.

Карысныя спасылкі

logo_web 1

© 2023 Душпастырства Беларусаў у Польшчы