logo_web-1-qtypgzmj5693tfbwmrc7mf3b9qzsg7zagtda3eheyo-9-quqdy54rs9w7uzkom4kseycf38seynwskfr8sx02yo

Калі моўныя межы сціраюцца, перад чалавекам адчыняюцца дзверы ў свет іншага народа – знаёмства з палякам Мар’юшам

by -

Калі моўныя межы сціраюцца,  перад чалавекам адчыняюцца дзверы ў свет іншага народа, які мае сваю культуру, гісторыю, свой боль і свае радасці, свае памкненні і свае мары. 

У гэтым інтэрв’ю мы прапануем пазнаёміцца з палякам Мар’юшам Каліціньскім, які прыехаў у суседнюю Беларусь, каб вывучаць расейскую мову, а ў выніку загаварыў па-беларуску. Гэты досвед не толькі ўзбагаціў яго ўласнае жыццё, але і адкрыў новыя гарызонты для служэння людзям. 

Цяпер ён, як навукоўца, даследчык, адкрывае свету імёны забытых беларускіх дзеячаў культуры, шукае сакральнае ў беларускай паэзіі і галоўнае – нагадвае беларусам, што іх радзіма – незвычайнае месца, поўнае таямніц і загадак.

Сёння Мар’юш стаў неад’емнай часткай варшаўскага душпастырства. На святой Імшы ён руплівы міністрант, у пілігрымцы – красамоўны лектар і, нечакана, настаўнік  беларускіх танцаў. Пра цікавы шлях да беларушчыны даведаемся з першых вуснаў.

Незвычайная біяграфія

Вітаю. Мяне завуць Мар’юш. Я нарадзіўся і большую частку дзяцінства правёў у горадзе Вышкаў, які знаходзіцца ў 60 км ад Варшавы па дарозе на Беласток. Пасля паступіў у Акадэмію фізічнай культуры на турыстычны факультэт і пераехаў у Варшаву. Скончыў вучобу, прайшоў пешкі да Рыма, потым паехаў у Швецыю на заробкі, дзе правёў тры гады. Потым пераехаў у Гародню, каб вывучаць расейскую мову. Пасля Беларусі вярнуўся ў Польшчу і адкрыў транспартную фірму, дадаткова займаўся рэпетытарствам. Пачаў прасоўваць турфірму, каб знаёміць людзей з Беларусью, але прыйшоў COVID-19, таму гэту справу прыйшлося адкласці.

Каб не губляць час, я паступіў у магістратуру на лінгвістычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта на кафедру беларусістыкі, а пасля працягнуў вучобу ў дактарантуры. Зараз пішу дысертацыю па творчасці Рыгора Барадуліна (Народны паэт Беларусі, эсэіст і перакладчык – рэд.).

Вера ў сям’і

Я прайшоў шлях тыповага польскага дзіцяці у касцёле 90-ых гадоў. У нас была катэхеза ў школе. Нават памятую катэхетку – пані Беату. Далей была падрыхтоўка да канфірмацыі.

Памятаю, што мы дома па вечарах маліся, адгаворвалі пацеры – «Вітай, Марыя», «Ойча наш» і «Веру ў Бога». Гэты перыяд быў нядоўгі, але ён быў. Мы працягвалі захоўваць святочныя традыцыі, абрады, але з часам рэлігійнае жыццё нашай сям’і гасла. І мая вера таксама стала «халоднай»

Гэта было жыццё тыповага сярэднестатыстычнага польскага католіка. Я не быў уключаны ў жыццё парафіі, таму нават не памятаю імёнаў ані пробашча, ані ксяндзоў. Аднак я ніколі не губляў веру ў Бога, толькі на некаторы час перастаў быць практыкуючым католікам. Гэта адбылося, прыкладна, калі мне споўнілася 15 гадоў. Малітва стала рэдкай і механічнай, зніклі споведзі, засталася толькі святая Імша па нядзелях. 

Мае браты былі міністрантамі, але я ніколі не хацеў служыць. Паводзіў у касцёле сябе па-рознаму. Аднойчы з сябрамі падчас Імшы пайшлі на хоры, бо звычайна ўсім падлеткам там цікава, усё добра відаць. Рабілі там нейкія выбрыкі, рагаталі і ў выніку зламалі лаву. Прагрымела на ўвесь касцёл. Арганіст нас выгнаў.

Навяртанне

Я ведаў, што павінен вярнуцца да Касцёла, але ўвесь час гэтае вяртанне адкладваў.

Нарэшце, калі мне было 23 гады, надыйшоў пераломны момант – я здзейсніў узгаданую ўжо пешую пілігрымку ў Рым. Прайшоў тады 1600 кіламетраў. Я хацеў памяняць сваё жыццё кардынальна.

На гэты ўчынак мяне натхніў адзін святар. Мы з сябрам 10 дзён ехалі аўтаспынам з Варшавы праз Анталію ў Арменію і Грузію. У Грузіі мы трапілі ў адну польскую місію. І там быў святар, які распавядаў пра сваю пешую пілігрымку ў Рым. І я зразумеў, што зраблю ў бліжэйшы час. У выніку ў пілігрымцы я сустрэў чалавека, дзякуючы якому апынуўся ў Швецыі.

Стакгольм каталіцкі

Гэта быў бласлаўлёны час. Здараецца, што, калі доўга знаходзішся за мяжой, пачынаеш прагнуць вярнуцца да знаёмых рэчаў, людзей, традыцый. Я пераехаў у Швецыю і хутка «прыліп» да мясцовага Касцёла. Палякі, якія жывуць за мяжой, не вельмі добра ідуць на кантакт, таму ў Стакгольме я стаў часткай інтэрнацыянальнай супольнасці католікаў.

Я хадзіў на Імшу на англійскай мове да езуітаў у парафію святой Яўгеніі ў цэнтры горада. Наведваў і іншыя месцы, але часцей за ўсё прыходзіў ў капліцу па працы – наша кэйтэрынгавая фірма акрамя звычайных заказаў абслугоўвала каталіцкі дом састарэлых, а таксама ўсе касцёльныя фэсты, імпрэзы, бо мой шэф паходзіў са шматдзетнай каталіцкай сям’і.

Мая вера ў той перыяд яшчэ не была жывой, але яна даспявала. Атрымалася так, што вакол мяне былі людзі, якія адзначаліся сваёй пабожнасцю і глыбінёю веры, у нечым былі нават фанатычнымі. Яны мне вельмі імпанавалі, але з перспектывы часу разумею, што яны былі не такімі ідэальнымі.

Духоўны рост

У Швецыі адбылося маё каталіцкае даспяванне. Я ўжо меў кантакты з ксяндзамі, з біскупамі, з законніцамі. Па-гэтаму калі я прыехаў адтуль у Беларусь у 2016 годзе, мая вера яшчэ не была сфармаваная, але я ўжо меў карысныя звычкі хадзіць у касцёл, добра сябе паводзіць. У Гародні мая духоўнасць працягвала развівацца. Мяне натхняла пабожнасць жыхароў Гарадзеншчыны. 

Увогуле, гэты перыяд для мяне асабліва важны, таму што там я сустрэў маладых веруючых людзей. У Польшчы у мяне не было такога досведу, а ў Швецыі я меў зносіны толькі са старэйшымі вернікамі.

У Гародні я далучыўся да душпастырства Open ксяндза Антонія Грэмзы. Я ўбачыў моладзь у беларусім Касцёле, захапіўся гэтым і зразумеў, што тут Касцёл жывы, што тут ёсць надзея на будучынню.

Прыхаваная культура

У 2016-2017 гады ў Гародні я пачаў знаёміцца з Беларуссю, але не з беларушчынай. Яна, вядома, была, але прыхаваная, на першы погляд нябачная. Напрыклад, ксёндз Антоній рыхтаваў казанні на беларускай, расейскай і польскай мовах, але я не адрозніваў беларускую ад расейскай.

Упершыню свядома я спаткаў беларускую мову ў лістападзе 2016 года на семінары па абароне жыцця ў Навагрудку. Сярод выступоўцаў была Аксана Ючкавічылая журналістка catholic.by, хрысціянская актывістка – рэд.) Яна размаўляла на нейкай дзіўнай мове. Расейскую я ўжо крыху ведаў, а тут амаль нічога не зразумела. Гэта было маё першае знаёмства з цалкам беларускамоўным чалавекам.

Як нараджалася любоў да беларушчыны

Перш за ўсё ў Беларусі мяне прывабліваюць людзі. Не краявіды, не каштоўнасці, а людзі. Адсутнасць масак, характэрных для Захаду. Гасціннасць, шчырасць, прастата, дабрыня, цікаўнасць, уменне слухаць, весці дыялог. З беларусамі можна пагаварыць, нармальна пажартаваць.

Потым мяне пачало прывабліваць гучанне беларускай мовы, яе мілагучнасць, меладычнасць. У сваіх парыжскіх дакладах Адам Міцкевіч (польскі паэт беларускага паходжання – рэд.) гаварыў, што беларуская мова захавала найбольш архаічных славянскіх формаў. 

Яшчэ мяне захапіла таямнічнасць Беларусі. Яе неадкрытая культурная спадчына. Колькі невядомых гістарычных фактаў, падзей, цікавых людзей, архітэктурных каштоўнасцяў. Калі ты едзеш у Беларусь, ты адчуваеш сябе першаадкрывальнікам.

Калі я скончыў універсітэт у Гародні і вярнуўся ў Польшчу, я адкрыў транспартную кампанію. Займаўся хатнімі пераездамі. Матрасы, фартэпіяна, шафы… Таксама адкрыў турфірму, каб ладзіць экскурсіі па Беларусі.  Нажаль, каранавірус парушыў гэтыя планы. Каб не губляць час, я вырашыў паглыбляць свае веды і паступіў на беларускую філалогію ў Варшаўскі ўніверсітэт. Я самастойна пачаў глядзець «Мова нанова», чытаць нейкія артыкулы, беларускія кнігі.

Сёння я займаюся пошукамі сакральных матываў у беларускай паэзіі і ў беларускай літаратуры агулам. Гэта мяне прываблівае. Я прагну паказаць, наколькі беларусы – духоўны народ, бо, на маю думку, духоўнасць беларуса вельмі вялікая. Беларусы не пісалі тэалагічных трактатаў, але гэтая глыбінная духоўнасць адлюстроўваецца ў паэзіі і прозе. Праз сваю навуковую дзейнасць я хачу выдабыць яе з забыцця, паказаць яе глыбіню. Мяне цікавяць першыя тры дэкады 20-га стагодзя, асабліва рух беларускіх святароў адраджэнцаў.

Гэта амаль невядомая частка гісторыі беларускай нацыі і беларускага Касцёла.

Беларускае душпастырства

Цікава, што з беларускамоўная святой Імшой я пазнаёміўся ўжо ў Польшчы. Канешне, у Беларусі я таксама ўдзельнічаў у такой Літургіі, але неяк несвядома. Аб тым, што ў Варшаве раз у месяц цэлебруюцца святыя Імшы на беларускай мове, я даведаўся ад Яўгенія Дудкіна (гісторык, палітык, член варшаўскага душпастырства беларусаў-католікаў – рэд.)

Памятаю, что пачаў прыходзіць на іх яшчэ да каранавіруса. Не рыхтаваўся, сталыя часткі не вучыў. Гэта ўжо сёння я малюся на розных мовах. Напрыклад, Ружанец: частку на лацінскай, частку на польскай, частку на швецкай, частку на англійскай і частку на беларускай.

Перадусім у варшаўскім душпастырстве мяне уразіла і працягвае ўражваць тое, што яно супярэчыць агульным тэндэнцыям і стэрэатыпам пра Касцёл. Асабліва той момант, што асноўная частка нас – маладыя людзі. Мяне натхняе адданасць, звязаны з узростам дынамізм, ахвота развіваць сваю веру і перадаваць Добрую Навіну. 

У беларускім душпастырстве я магу пабачыць сэнс сваёй працы. Гэта для мяне доказ таго, што мая праца мае не толькі навуковы сэнс, але і духоўны, і што дзякуючы сваёй працы, я магу натхніць ячшэ больш беларусаў любіць Бога,  і праз любоў да Бога палюбіць сваю Бацькаўшчыну.

Неабходныя перамены

На маю думку, святары і вернікі, яшчэ не гатовыя адмовіцца ад гэтай іерархіі, дзе Папа – кароль, біскупы – арыстакраты, святары – шляхта, вернікі – гэта сяляне, якія патрэбны толькі тады, калі трэба ісці ў нядзелю ў Касцёл, або, калі трэба плаціць. 

Мы павінны паглядзець на Касцёл, як на супольнасць вернікаў. Кожны праз хрост мае абавязак евангелізаваць, быць апосталам, які асвячае тыя месцы, дзе мы знаходзімся: на працы, у сям’і, сярод сяброў і знаёмых. Гэта патрабуе адвагі і вялікай адданасці не толькі для верніка, але і для святара, бо ў такім выпадку ён ўжо не зможа пасля споведзяў і святой Імшы пайсці дадому, каб глядзець тэлевізар. Яму трэба будзе быць разам са сваёй супольнасцю, сябраваць, размаўляць,  даведвацца аб праблемах бліжніх. 

Гэта мара, такое пажаданне ўсяму Касцёлу. Гэта вяртанне да вытокаў хрысціянства, калі ўсе былі адказныя за свае супольнасці. І я лічу, што беларускае душпастырства ў Варшаве на правільным шляху.

Таксама хвалюе неахвота людзей браць адказнасць за душпастырскія справы. Столькі можна зрабіць. Не хапае адвагі крочыць далей на духоўнай дарозе. Даўно прыйшла пара выйсці з дзіцячай веры. Трэба больш даведвацца пра хрысціянства, пра Касцёл, каб наш узровень адпавядаў нашаму ўзросту і нашай адукацыі.  

Мы занадта засяроджанны на ўсім зямным, але не на духоўным. Трэба крыху адарвацца ад зямнога бачання, напрыклад, падзеяў у Беларусі. Нам трэба паглядзець на гэта з Божага пункту гледжання, не з боку барацьбы палітычных фракцый, але як на гісторыю збаўлення чалавека Богам. Глядзець не пазітыўна, не негатыўна, але з трансцэндэнтальнай надзеяй. У Бога ёсць план – гэта збаўленне кожнага чалавека. І ўсё, што адбываецц гэта не хаос. Бог усім гэтым кіруе.

 

ВАМ ТАКСАМА МОЖА СПАДАБАЦЦА

logo_web 1

Душпастырства Беларусаў у Польшчы

— гэта беларускія каталікі, якія сустрэліся за мяжой і

вырашылі разам маліцца за Бацькаўшчыну на роднай мове.

© 2023 Душпастырства Беларусаў у Польшчы

Душпастырства Беларусаў у Польшчы

— гэта беларускія каталікі, якія сустрэліся за мяжой і вырашылі разам маліцца за Бацькаўшчыну на роднай мове.

Карысныя спасылкі

logo_web 1

© 2023 Душпастырства Беларусаў у Польшчы