Хвала Хрысту!
Мы гэта душпастырства беларускіх каталікоў у Варшаве. 

Святыя Імшы на беларускай мове цэлебраваліся ў Варшаве больш за 15 год, але яны не мелі пастаяннага характару. Наша гісторыя як сталай супольнасці пачалася ў жніўні 2020 года. Тады ў многіх парафіях Польшчы адбываліся Святыя Імшы ў інтэнцыі супакою ў Беларусі.

На адной такой Імшы ў парафіі Збавіцеля ў Варшаве былі сястра Наташа Букоўская MChr і Аня Зялінская. Пасля малітвы яны выйшлі з прапановай і жаданнем сталых Імшаў па-беларуску. Пачаліся пошукі святара, які мог бы цэлебраваць Эўхарыстыю на роднай для беларусаў мове, і пошукі сталага месца спатканняў. Ужо ў верасні адбылася наступная Літургія, якую цэлебраваў кс. Лешак Крыжа, дырэктар Супольнасці Дапамогі Касцёлу на Усходзе. Тады Імша адбылася на дзвюх мовах — польскай і беларускай. Дзякуючы дапамозе кс. Крыжы атрымалася знайсці святара і сталае месца малітвы — касцёл св. Аляксандра на плошчы Трох Крыжоў у Варшаве.

У кастрычніку адбылася першая Імша цалкам на беларускай мове, якую ўзначаліў кс. Яўген Вінтоў. З таго дня спатканні адбываліся раз на месяц. Ад кастрычніка — месяца, калі Касцёл асабліва моліцца на ружанцы — пачаўся таксама штосуботні ружанец анлайн.

За тры месяцы мы вельмі добра пазналі адзін аднога, ведалі нашыя таленты і магчымасці, таму на Імшу, якую мы мелі ў Адвэнце, група моладзі падрыхтавала прыгожае прадстаўленне, якое заахвоціла нас усіх да яшчэ больш глыбокага перажывання святаў Божага Нараджэння. 24 снежня — у Вігілію Божага Нараджэння — у нас адбылася сустрэча пры вігілійным стале з традыцыйным ламаннем аплатка, святым Мікалаем і падарункамі, а пасля — урачыстая Святая Імша Нараджэння Пана.

У Вялікім Посце замест традыцыйнага суботняга ружанца мы разважалі Крыжовы Шлях Пана Езуса і зладзілі наш першы дзень засяроджання. Ён адбыўся ў парафіі св. Фаўстыны на Таргувку (Варшава). У праграме былі канферэнцыі, разважанні над Божым Словам, Крыжовы Шлях, Вяночак да Божай Міласэрнасці, Святая Імша і адарацыя Найсвяцейшага Сакрмэнту. Такім чынам, мы больш годна падрыхтаваліся да ўрачыстасці Ўваскрасення Пана.

Ад красавіка мы зноў вярнуліся да штотыднёвай ружанцовай малітвы, а ў маі дадаткова маліліся Літаніяй да Найсвяцейшай Панны Марыі.

У чэрвені ў нас адбылася апошняя Эўхарыстыя ў 2020/2021 катэхетычным годзе. З гэтай нагоды мы яшчэ раз сустрэліся на грыль, каб радасна распачаць сезон водпускаў, канікулаў і адпачынку.

Пасля летняга перапынку, у верасні, мы ізноў пачалі сустракацца разам на супольнай малітве ў касцёле на плошчы Трох Крыжоў. Узнавіліся ружанцовыя спатканні па суботах і дадаліся анлайн-катэхэзы па панядзелках.

У першую суботу кастрычніка мы зладзілі пілігрымку ў санктуарый Найсвяцейшай Панны Марыі Беззаганнай Пасрэдніцы ўсялякіх ласкаў і св. Максіміляна Кольбэ ў Непакалянаве. Там у капліцы святога Максіміляна кс. Яўген цэлебраваў святую Імшу, а пасля мы наведалі музей, тэатр, згаварылі ружанец, памаліліся ў Капліцы Вячыстай Адарацыі ды выпілі францішканскай кавы ў парафіяльнай кавярні.

Рашэннем Кардынала Казіміра Ныча па ўзгадненні са Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, Эўхарыстыя на беларускай мове будзе цэлебравацца кожную нядзелю, пачынаючы ад 14 лістапада 2021 года.

Ад верасня 2021 года нашая супольнасць афіцыйна зарэгістравана як Душпастырства Беларусаў у Варшаве. Нашым душпастырам прызначаны кс. Вячаслаў Барок, пробашч парафіі св. Язафата Кунцэвіча ў Расонах (Віцебская дыяцэзія). Ад лістапада Эўхарыстыя цэлебруецца па нядзелях і ўрачыстасцях два разы ў дзень.