20 лютага дапаможны біскуп Варшаўскай дыяцэзіі Міхал Яноха наведаў Душпастырства Беларусаў у Варшаве.

На сустрэчы ксёндз біскуп скіраваў словы падтрымкі для беларусаў, якія ў сувязі з грамадска-палітычным крызысам у Беларусі выехалі па-за межы: «Хачу вам сказаць, каб вы адчувалі сябе як дома. Трымайцеся Бога і трымайцеся разам».

Беларусы ў сваю чаргу падзякавалі біскупу і ўсяму польскаму Касцёлу за магчымасць удзелу ў Літургіі на роднай мове.

Пасля кароткай сустрэчы адбылася Святая Імша, якую цэлебравалі душпастыры — кс. Вячаслаў Барок і Яўген Вінтоў. З казанем да прыстуных звярнуўся кс.біскуп: «Сёння ў Евангеллі Пан Езус вучыць нас найтруднейшаму прыказанню — прыказанню любові да ворага. Кім ёсць вораг, не трэба казаць, — бачыце гэта ў родным краі«, — і прыводзіў шмат прыкладаў прабачэння з уласнага досведу і з гісторыі двух краін.

«Сіла і гвалт заўсёды з’яўляюцца доказам страху. І яны мінаюць. А вера, любоў і прабачэнне застаюцца«

скончыў гамілію бп. Яноха.

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп удзяліў благаслаўленне, а прысутныя заспявалі гімн Магутны Божа.