logo_web-1-qtypgzmj5693tfbwmrc7mf3b9qzsg7zagtda3eheyo-9-quqdy54rs9w7uzkom4kseycf38seynwskfr8sx02yo

Беларусы Варшавы наведалі Вільню

by -

16-17 лістапада супольнасць беларусаў у Варшаве зладзіла аўтобусную пілігрымку ў Літву. Пад кіраўніцтвам кс. Вячаслава Барка вернікі наведалі Вільню і Трокі.

У першы дзень пілігрымкі ўдзельнікі наведалі капліцу Маці Божай Міласэрнасці ў Вострай Браме і памалілся пры цудадзейным абразе. У гэты дзень Касцёл адзначаў ўрачыстасць Маці Божай Вастрабрамскай. З гэтай нагоды ў касцёле св. Тэрэзы пры Вострай Браме адбылася адпустовая цэлебрацыя на беларускай мове, у якой узялі ўдзел пілігрымы з Беларусі, Літвы і Польшчы. Святую Імшу ўзначаліў а. Сяргей Мацюшонак OFMCap, пробашч беларусай парафіі ў Вільні, а літургію ўпрыгожыў хор мясцовай супольнасці. На заканчэнне ўсе разам памаліліся літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі перад копіяй абраза Маці Божай Вастрабрамскай.

У гэты жа дзень пілігрымы з Варшавы наведалі могілкі Росы – адзін з найстарэйшых некропаляў Літвы. Там супольнасць наведала магілы вядомых беларусаў – паэтаў Уладзіслава Сыракомлі і кс. Казіміра Сваяка, гісторыкаў Івана і Антона Луцкевічаў, паўстанца Кастуся Каліноўскага.

У другой палове дня мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі правёў пешую экскурсію па Вільні. Падчас шпацыру па Старым Горадзе, супольнасць слухала цікавыя гісторыі і наведала м.ін. дворык Еўрапейскага Гуманітарнага Ўніверсітэта, што знаходзіцца на тэрыторыі кляштару аўгусцінцаў, бернардынскі касцёл, гатыцкі касцёл св. Ганны. Увечары быў вольны час, каб наведаць іншыя славутыя месцы Вільні і скаштаваць на вячэру традыцыйную літоўскую кухню.

Наступны дзень распачаўся святой Імшой у парафіі св. Барталамея ў Зарэччы. Ад 2016 года ў гэтым касцёле літургіі праходзяць выключна на беларускай мове. Пасля супольнай малітвы беларусы Вільні і Варшавы мелі час на знаёмства і размовы за кавай.

Потым пілігрымы наведалі Трокі – адзін з галоўных цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага з важным стратэгічным значэннем. У першую чаргу ўсе скіраваліся ў замак – галоўную славутасць горада. Далей наведалі базыліку Найсвяцейшай Панны Марыі з абразом Маці Божай Тракайскай. Увечары гэтага жа дня беларусы вярнуліся ў Варшаву.

Як адзначаюць удзельнікі, дрэннае надвор’е не перашкодзіла прыемна правесці выходныя. Гэта быў насычаны і вельмі цікавы выезд. Пілігрымы дзякуюць кс. Вячаславу за арганізацыю і з нецярпеннем чакаюць наступную пілігрымку.

ВАМ ТАКСАМА МОЖА СПАДАБАЦЦА

logo_web 1

Душпастырства Беларусаў у Польшчы

— гэта беларускія каталікі, якія сустрэліся за мяжой і

вырашылі разам маліцца за Бацькаўшчыну на роднай мове.

© 2023 Душпастырства Беларусаў у Польшчы

Душпастырства Беларусаў у Польшчы

— гэта беларускія каталікі, якія сустрэліся за мяжой і вырашылі разам маліцца за Бацькаўшчыну на роднай мове.

Карысныя спасылкі

logo_web 1

© 2023 Душпастырства Беларусаў у Польшчы